МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,

хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.

М.І.Доста.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)